Зімовы цуд
Маскарад
Маскрад у нашым доме.
І папрасіла кошку Тома:
– На шафу скокні, я – жырафа,
У міг цябе дастану з шафы.
– Жырафа? Ах! – смяецца кошка:
– Ты падрасці спачатку трошкі!
Сад
– Што такое? Сад наш белы!
І ў адказ варона: – Ка-а-ар!
Гэта снег над садам меле
нейкі казачны млынар.
Певень на снезе
– Кукарэ-э-эку! У год Пеўня
ўсім па пеўніку зляплю.
Мармытнуў мядзведзь:
– Напэўна! Толькі ж да вясны я сплю.
Карагод
І там, і тут – зімовы цуд!
Лісіца бегае сюд-туд:
– Хачу патанчыць я на лёдзе!
А лось: –Ту-ту, ду-ду, ду-ду,
І я на гэты лёд пайду,
каб пакружыцца ў карагодзе.
Снягуркі
Дзве старанныя Снягуркі
для елачак плятуць карункі.
На іх нанізваюць ільдзінкі,
каб сталі ёлкі, што карцінкі.
Рысь
Рысь хаваецца ў ядлоўцы.
Ёй мароз – не навіна!
З комам снежным на галоўцы,
бы ў каптурыку яна.
Воўк і ваўчаняты
На ўскраі лясной палянкі
воўк майструе дзеткам санкі.
Ды не хочуць ваўчаняты
Ў двор выходзіць з цёплай хаты.
Тыгр
Супыняе дзед Адарку:
– Бач, зачынены ўваход.
Сёння тыгр у заапарку
сустракае Новы год!
Слон
Вырашыў аднойчы слон –
на каток патрапіць ён.
Слон агромністы такі,
не знайшоў сабе канькі!
Карасік
Смяецца пад лёдам карасік:
– Хай з вудай прыходзіць Ясік!
Няма чаго мне баяцца,
зімой я жыву ў палацы.
Зайчык
– Заяц, зайчык-шарачок,
я – твой верны сябручок!
Паглядзеў на воўка зайчык
Даў яму са снегу мячык.
Вавёрка
Не ляцець вавёрцы рыжай
з горкі снежнае на лыжах.
Уздыхне яна: – Але,
мне някепска і ў дупле.
Дзік
Адзін маленькі дзік-гарэза
Пачаў купацца ў лесе ў снезе.
Нырнуць у гурбу так умее,
што ўзняў сапраўдную завею.
Каток
Просіць кошачку каток:
– Пусці, мама, на каток.
– Не, бо моцны лёд уранні,
ты кіпцюрык свой параніш.
Мог бы ты і пакатацца,
каб умеў за лёд чапляцца!
Паштоўка ад Бусі
Не дачакаюся вясны,
калі, кля-кля, дамоў вярнуся.
Сню ў Афрыцы гарачай сны
пра лес зімовы ў Беларусі.
Ваш Буся.
Вершы Раісы БАРАВІКОВАЙ